Асноўныя моманты пасяўной кампаніі ў сельгаспрадпрыемствах раёна – ад парадку на двары да гарачага абеду – аспекты, на якія звяртала ўвагу мабільная група райвыканкама. Супрацоўнікі мабільнай групы, у тым ліку і памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант праманіторылі аб’екты СУП «Ліпнянка» і ЗАТ «Белпрампрыбор».

Як і падчас уборачнай кампаніі, так і на пасяўной у полі
зроку аб’екты грамадскага харчавання. Сталовыя выконваюць стратэгічнае заданне – накарміць працаўнікоў гарачымі абедамі, каб яны з яшчэ большай энергіяй і сілай шчыравалі падчас адказнейшых сельскагаспадарчых кампаній. Асноўная мэта – непасрэдна на месцы азнаёміцца з тым, як забяспечваюцца гарачымі абедамі і падвячоркамі ўдзельнікі палявых работ. Кантроль за ўмовамі працы работнікаў, стварэннем наймальнікамі належных умоў для захавання, умацавання здароўя сельгаспрацаўнікоў – адна з задач мабільнай групы райвыканкама.

Кожная сельгасарганізацыя Ляхавіччыны клапоціцца пра тое, каб работнікі былі накормлены падчас сяўбы, нарыхтоўкі кармоў, жніва. ААТ «Шлях новы», ААТ «Жарабковічы», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», ЗАТ «Белпрампрыбор» маюць сталовыя на сваім балансе. Для работнікаў СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача», ільно-насенстанцыі заказваюць абеды ў ААТ «Жарабковічы», а СУП «Белазем’е» – у вытворчым цэху «Баранавічы» ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат». Арганізуе дастаўку абедаў і ЗАТ «Фораланд». Такім чынам, гарачае харчаванне арганізавана ў кожным сельгаспрадпрыемстве. Прычым некаторыя гаспадаркі пераходзяць з аднаразовага на двухразовае харчаванне. Увага звяртаецца на якасць прадуктаў і гатовых страў, умовы харчавання, наяўнасць посуду і абсталявання, аснашчанасць сродкамі гігіены і мыйнымі сродкамі, а тэхнікі, што перавозіць абеды, спецыяльнымі прыстасаваннямі, у тым ліку тэрмасамі і посудам. Пад увагай – санітарны стан памяшканняў. Што тычыцца сталовай СУП «Ліпнянка», то тут ёсць нязначныя пытанні, якія тычацца адсутнасці маркіроўкі на посудзе і інвентары і некаторых іншых момантаў. Усе яны лёгка вырашаюцца. Па сталовым ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і ЗАТ«Белпрампрыбор» заўваг няма, аб’екты прайшлі неабходную дзяржаўную санітарна-гігіенічную экспертызу і атрымалі станоўчае санітарна-гігіенічнае заключэнне.

Мабільная група таксама пабывала на мехдвары СУП «Ліпнянка». У полі зроку – умовы работы тых, хто рыхтуе тэхніку да выхаду ў поле і працуе у полі. Праверылі бытавыя памяшканні, наяўнасць спецадзення і выкананне нормаў аховы працы, а таксама стан спраў у вытворчых майстэрнях.
Па выніках маніторынгу выдадзены рэкамендацыі кіраўніцтву сельгаспрадпрыемстваў па далейшым удасканаленні ўмоў быту і выкананні санітарна-гігіенічных нормаў.
